Дачка Івана, маці Івана
(фрагменты аповесці)
Кухоннае акно было над пад’ездам, над яго віскатлівымі дзвярыма, што галасілі кожны раз, калі ўваходзілі і выходзілі. У тым нецярпенні, што гарэла агнём, у якім знаходзілася Тамара Іванаўна, яна пачула б гук дзвярэй з любога кута, нават са спальні, што на другім баку кватэры, дзе заснуў муж, але ўжо некалькі гадзін працягвала стаяць каля акна, нібыта напятая струна, якая, накіраваная на вуліцу, чакала дотыку. Але там было цёмна і глуха. Пляма святла ад лямпачкі ля пад’езда ледзь даставала да нізкага штыкетніка, якім абгароджаныя сквер і дзіцячая пляцоўка ў ім сярод высокіх старых таполяў, што шатром раскідалі галіны. І ніхто ў яго, у гэты нерухомы і бляклы светлавы круг, не ўваходзіў. Тамара Іванаўна была так напружаная, сама палохаючыся працягласці напалу ўнутры, які цудам да гэтага часу не спапяліў яе, што заўважыла б любы цень у цёмным скверы і пачула б любы самы асцярожны крок з-за рога, калі б яны толькі з’явіліся. Але не, усё замерла і здранцвела. З вуліцы, загароджанай і прыглушанай соннымі дамамі, спачатку яшчэ пашумлівалі машыны: нібыта запозненыя птушкі здымаліся з кармлення, цяпер і там вымерла.
Самы глухі час ночы, напэўна, ужо больш за тры.
Муж спіць. Як жа ўсё ж такі па-рознаму арганізаваныя маці і бацька: хіба яна магла б заснуць? У дзецях, можа, і ёсць палова бацькі, ды толькі малая яна, гэтая палова, без выношвання і без той вечнай, нязноснай прысутнасці ў сваім чэраве, якое адчувае маці. І, нараджаючы дзіця сваё, якое ператвараецца пасля ў дарослага чалавека, не ўсё яна ў родах і пакутах выносіць вонкі: тое ж самае дзіця, якое ўвабралася ў сценкі, застаецца ў ёй назаўжды. І не адно сэрца балела зараз у Тамары Іванаўны, а ўся яна ператварылася ў згустак болю, ўсё ў ёй курчылася ў пакутах. Але скрэбла нешта і асобна, асаблівым болем, скрэбла і скрэбла, раздзіраючы тканкі і вымаўляючы са стогнам адно слова. Скрэбла яна, Светка, якая клікала маці...
Увечары, калі пачаліся гэтыя пакуты, Анатоля, мужа, дома не было. Але Тамара Іванаўна ведала, што ён у Дзёміна, яны ладзілі нейкую агульную справу, якая ўжо з месяц далей размоў нікуды не прасунулася. Завадатарам быў Дзёмін, больш рашучы і спрактыкаваны ў новым жыцці. Ён адразу ж, як толькі пакацілася старое жыццё з высокай горкі, грукочучы, куляючыся і раскідваючы абломкі, сышоў з аўтабазы, дзе яны з Анатолем пасябравалі, папрацаваў дзесьці забеспячэнцам, а цяпер меў свой кіёск на цэнтральным рынку і гандляваў усялякім шурум-бурумам ад электралямпачак і фарбы да аўтамабільных запчастак. Анатоль жа затрымаўся на базе, якой аддаў дваццаць гадоў, усё радзей і радзей выязджаў у рэйсы, ды і то дробязныя, вяртаўся назад — сорам сказаць! — то з дровамі, то з гноем, а то і зусім паражняком. Цярпеў, цярпеў і дацярпеўся да таго, што выстаўлялі яго цяпер на вуліцу. Адсякалася бязлітасна за непатрэбнасцю не толькі частка жыцця, але і частка душы: там, на аўтабазе, і сустрэў ён Тамару, тры гады яна побач з мужыком круціла баранку.
Тамара Іванаўна адшукала яго па тэлефоне ў Дзёміна ўжо пасля адзінаццаці вечара. Да гэтага яна збегала на суседнюю вуліцу да Светкінай сяброўкі Люсі, рослай і пышнай дзяўчынкі, якую можна было прыняць за зусім выспелую жанчыну, калі б не адкрыта лялечны твар — круглы, з вялікімі вяртлявымі вачыма і шчокамі-падушачкамі. І па гэтым твары, роблена спалоханым і адначасова захопленым, нельга было зразумець, ці кажа дзяўчынка праўду, быццам яна бачыла Светку толькі днём. Бачыла на рынку, яны хадзілі пытацца пра працу, з імі была і Ліда Топаль. Працы не знайшлося, і яна, Люся, з’ехала, пакінуўшы сябровак каля гандлёвага комплексу. Калі сыходзіла, заўважыла, як да Светкі і Ліды падышоў нейкі хлопец каўказскай нацыянальнасці ў джынсавай куртцы.
Адзін быў толк ад гэтага паходу: Люся назвала адрас Ліды Топаль, тая жыла далёка, у мікрараёне.
Пасля таго, вярнуўшыся дадому, Тамара Іванаўна і патэлефанавала Анатолю і ўжо без усялякіх сумневаў сказала, што Светка згубілася. Такога яшчэ не было, каб яна прыходзіла пазней за дзевяць. Гэты час і быў ёй вызначаны як хатні парог, і затрымацца дзе-небудзь па сваёй волі пасля дзевяці яна б не адважылася. Івану, малодшаму на год, дазвалялася больш, ён мог летам, як цяпер, насіцца хоць да паўночы, і нікога гэта не пужала: хлопец. І зусім іншая справа — дзяўчынка шаснаццаці гадоў, прыгожанькая, няцвёрдая, цікаўная, ужо і да гэтай пары яна збочыла з пракладзенай дарогі. Светка пайшла ў школу рана, у шэсць гадоў, і рана ж, пасля дзявятага класа, кінула школу — заразілася пошасцю, немаведама адкуль наляцелай, што вучыцца неабавязкова. Пайшла на дзевяцімесячныя курсы прадаўцоў, бліжэй да прыгожага жыцця. Скончыла гэтыя курсы, а на працу не бяруць: непаўналетняя. І разам з сяброўкамі, з якімі вучылася на курсах, узялася паходжваць на рынак, выпрошваць гандлярскі занятак, трэсці перад пакупніком гаспадарчым таварам.
Вось так.
Анатоль прыехаў з Дзёміным, у дзёмінскай машыне. Тамара Іванаўна, не знаходзячы сабе іншага месца, вось гэтак жа стаяла каля кухоннага акна і бачыла, як бязгучна і хістка, намацваючы ў густых прыцемках дарогу ў вузкім і разбітым, яма на яме, праездзе, падплыла «сямёрка» і выскачыў Анатоль, а выскачыўшы, замарудзіў, чакаючы Дзёміна. Лёгка было здагадацца: не хацелася яму аднаму падымацца цяпер у роднае гняздо, дзе чакала яго трывожная пагроза, і сустрэць спалоханы і патрабавальны пагляд жонкі. Але і Тамара Іванаўна ўздыхнула лягчэй, убачыўшы Дзёміна. З ім надзейней. Дзёмін выбраўся з машыны і, як заўсёды, гарбавата, нахіліўшыся наперад, з абвіслымі доўгімі рукамі, падобны да першабытнага чалавека, якім малююць яго ў школьных падручніках, першым ступіў у пад’езд. А ўвайшоўшы ў адчыненыя дзверы і зразумеўшы па напружаным твары Тамары Іванаўны, што дзяўчынкі па-ранейшаму няма, сказаў, як звычайна, гулка і з хрыпкай:
— Не панікуй. Рана панікаваць. Час жа яшчэ дзіцячы.
Але ўсе пачулі, у тым ліку і сам ён, што гэта былі толькі словы.
Непатрэбныя словы.
Пакінулі дома Івана, наказаўшы яму не класціся, пакуль яны не вернуцца, дзяжурыць неадлучна ля тэлефона, і выйшлі.
Паехалі.
Ноч надыходзіла цёплая, цёмная і млявая, напэўна, перад дажджом. Пешаходаў ужо і не было, затое па-заліхвацку, адчуўшы свабоду, несліся машыны, за тры-чатыры гады звезеныя сюды з усяго свету, каб ладзіць гонкі. І гэтыя гонкі на чужым былі цяпер ува ўсім — на рыззі і скуры, на чайніках і патэльнях, на насенні морквы і бульбы, у навучанні дзетак і перападрыхтоўцы прафесараў, у наладжванні любоўных уцех і публічных забаў, у кішэнных прыборах і самалётных рухавіках, у вулічнай рэкламе і дзяржаўных прамовах. Усё хлынула разам як у пустэчу, выцесніўшы сваё з паліц. Толькі хавалі па-старому. І так часта цяпер хавалі, адпяваючы ў цэрквах, што здавалася: адначасова з вар’яцкім рыўком наперад, у іскрыстую і гарачую невядомасць, адбываецца і спалоханае адступленне назад, у знаёмы лад жыцця, які заканчваецца пахаваннямі. І здавалася, што іх аднолькава — адны, як матылі, імкнуцца да агню, другія, нібы краты, закопваюцца ў зямлю.
Ехалі моўчкі, толькі Дзёмін пакрэктваў, калі падразалі яго іншамаркі або асляплялі магутнымі сустрэчнымі фарамі, не лічачы патрэбным пераключацца на бліжняе святло. Спусціліся ў цэнтр, па старым мосце пераскочылі на левы бераг Ангары, павярнулі направа і пакінулі горад ззаду. Па баках стаяла цемра. Каб не здранцвець, Тамара Іванаўна на заднім сядзенні, прыгінаючыся і выварочваючы перад шклом галаву, узялася выглядваць у небе зорачкі. Іх не было, шырока стаяла там, у вышыні, як балотная раска, вясёлкава-гнілое свячэнне ад электрычнага разліву горада. Тамара Іванаўна, не адшукаўшы зорачак, стала ўспамінаць, ці загадвала яна што-небудзь, выглядваючы іх, але не магла ўспомніць, нібы разышлася, падзялілася на дзве часткі, паміж якімі слабыя зносіны.
— Ціха едзем? — па-свойму зразумеў яе варушэнне Дзёмін.
<...>
Да замужжа Тамара Іванаўна нярэдка глядзела на сябе са здзіўленнем і трывогай. Але з яшчэ большым здзіўленнем і трывогай яна пра сябе думала. У вёсцы яны жылі ў вялікім пяцісценным доме, дзе дачка і займала далёкую выгарадку, якая доўга заставалася без дзвярэй і завешвалася цяжкай бардовай шторай. І толькі гады за два да яе ад’езду бацька ўставіў дзверы і выгарадка прыняла нарэшце выгляд пакоя. Туды зацягнулі трумо, з аблупленай звонку фарбай, якое перакошвала, рабіла, калі шукалі перад ім хараство і ахайнасць, але працягвала служыць. Перад сном, зачыніўшыся на кручок, Тамара падымала перад цьмяным люстэркам начную кашулю і ўглядалася ў сябе з тою звышпільнай увагай, з якой амаль усякая дзяўчынка-падлетак ледзь не ў таямнічай непрытомнасці сочыць у сабе за ўсімі зменамі, што абвяшчаюць набліжэнне жанчыны. Не дужа яна сабе падабалася: невысокая, моцна збітая, з паднятымі плячыма, ногі моцныя, мускулістыя, маглі б быць і даўжэйшымі, ды і ўсю яе хоць бы крыху разгарнуць і пусціць уздоўж. Ёй уяўлялася, што жанчына ўся ад пачатку да канца павінна выбудоўвацца знізу ўверх, да неба і сонейка, якое высокіх, тых, хто ўзняўся вышэй за звычайны парадак, прылашчыць больш, і што нават клеткі жаночага цела павінны нагадваць выцягнутыя зярняты жыта. Тады яны больш чуйныя, пяшчотныя, радасныя і прыцягальныя.
Не адразу яна змірылася з тым, што высокай ёй не быць. Але і «самаварыстай» быць не хацелася, і сякія-такія меры яна для гэтага прыняла, сякія-такія інструкцыі для сябе склала. І не гэта цяпер яе хвалявала, калі ў чым маці нарадзіла набліжалася яна да люстэрка. Гэта адбывалася толькі на самы першы погляд, уваходны. Але вось яна ўваходзіла, пазнаючы сябе і расціраючы цела, рыхтуючы, гладзячы яго падоўжнымі рухамі і зажмурваючы вочы.
Так добра было ў гэтым нясцерпным і чуйным чаканні. Павольнай хваляй, якая асцярожна наплёсквалася па баках, праходзіла зверху ўніз прыемная млявасць, абуджала глыбіні і нізы, салодка закручвалася ў нейкіх цяснінах, зноў распускалася і зваротнай хваляй, ужо больш упэўнена нагладжваючы, ішла ўверх. Там усё нацягвалася, замірала, струменіла, дыханне слаба калыхала яго аднекуль збоку, і, абуджаныя, раствораныя, наперабой пульсавалі токі. Яна ўся нібыта наэлектрызоўвалася, цялесны колер падатліва пераходзіў у мяккае свячэнне — і нібыта знутры даносілася прытаемнага голасу амаль нячутная, калыхальная песня: напэўна, яна яе калісьці чула:
Тихая, тихая
Реченька текла.
Дождика, дождика
Много набрала.
Ой люли, ой люли,
Речка, не бурли.
Воду свою светлую
Не му-ти.
Яе хвалявала жаночая таямніца, у ёй жа заключаная, але не тое фізіялагічнае, таксама незразумелае, жудаснае, але і аднолькавае для ўсіх, а тое нябачнае, нутраное, больш пачуццёвае, чым фізіялогія, запаленае асаблівым духам: альбо ціхае, соннае, якое ледзь варушыцца, пяшчотна перабірае грудзі альбо раптам акрыляе, распірае тыя ж самыя грудзі і ўзнімае ад хвалявання на дыбачкі. Нібы нешта, што не адважваецца адкрыцца, жыло ў ёй, нешта шчаслівае ўжо тым, што яго адчуваюць і шукаюць. Песні яна чула з сябе не аднойчы, і ўсё таго ж тонкага самотнага голасу. Яна гублялася ад думкі, што яна зусім сябе не ведае. Усё бачнае мае нейкую функцыю, усё пойдзе ў справу, для жыцця і працягу жыцця, але нельга ж усю жанчыну, колькі яе ёсць, вызначыць толькі для ложка і кухні. Яна ўся туды не змесціцца, і не ўсё будзе належаць мужу. А што ж ёсць тое, што застанецца вольным, штосьці звышпачуццёвае, не цялеснае, якое трымае сябе ў чысціні, якое наладжвае гаспадарскі абход, лашчыць жанчыну, калі не хапае ласкі, і ціха-ціха перабірае яе струны? Часам Тамара Іванаўна саромелася перад гэтай схаванай у яе часткай, дзе яна ўзгараецца не агнём жадання, а агнём чыстага натхнення і ўся-ўся імкліва і нястрымна рыхтуецца для шчаслівага подзвігу. Адна са многіх і многіх мільёнаў жанчын, падобных да яе, яна дзякуючы гэтай асаблівай звышчуйнасці, гэтай здольнасці самапранікнення магла лічыць сябе адзінай: такая і не такая, сёе-тое ёсць
і яшчэ.
Бацька, праводзячы яе ў горад, прыкінуўся п’яным больш, чым быў, каб папярэдзіць: да мужа, дачка, беражы сябе як зрэнку вока. Сказаў іншымі словамі, але што ж было перакладаць: яна зразумела іх менавіта так і нават пакрыўдзілася на бацьку за тое, што ён прымусіў сябе іх гаварыць. Але настаў час, калі і ёй давялося паўтарыць іх для Светкі; як жа, Божа, хутка мінае час, у які наканавана дзецям, у сваю чаргу, стаць бацькамі дарослых дзяцей, якія выходзяць на самастойную дарогу, поўную розных пастак. Светка выслухала яе, хаваючы ад сораму і няёмкасці вочы, але яно так і павінна было быць: у такіх паняццях яны ўсе засталіся незачэпамі, нават Анатоль. Грубыя словы і бессаромныя размовы не толькі не былі заведзеныя ў сям’і, але, сарвіся яны ў каго са старонніх, грымнула б навальніца. Дзёмін і той пабойваўся Тамары Іванаўны і, калі патрабавалася вымавіць незаменнае слова, да захаплення тады яшчэ маленькіх дзетак, прымаўся неразборліва вылоўліваць яго, гэтае слова, пасля чаго, гэта значыць пасля здзеку з яго звыклай мовы, Дзёміна біў кашаль. З прыходам вольнага жыцця, калі з тэлевізара, як з чароўнага гаршка, палезла каша, згатаваная з гадасцяў, а слова, каб спыніць яе, што ўжо пераваліла цераз парог і запрудзіла вуліцу, — слова гэтае страцілі, Тамара Іванаўна, не доўга думаючы, грымнула тэлевізар аб падлогу і вымыла рукі.
— Не перастарайся, маці, — сказаў больш спакойны Анатоль.
Яны, як і амаль ува ўсіх сем’ях, дзе падрастаюць дзеткі, міжволі называлі адно аднаго «маці» і «бацька».
Яна адышла і заплакала, стоячы перад акном і па-дзявочы размазваючы па твары слёзы. І, як заўсёды пасля падобных выбухаў, на ўвесь дзень скамянела, гаварыла павольна і цяжка. Тамара Іванаўна тады толькі што прыйшла працаваць пасля дзіцячага садка на пошту, і выгляд прывезеных паштарам з друкарні і з вакзала маляўнічых газет з нечуванымі гісторыямі і нябачанымі карцінкамі яе ўзрушыў. Часопісы ішлі не лепш; на вокладках кніг, якія прадаваліся тут жа, на пошце, тырчалі красуні з задранымі нагамі і пагардлівымі да ўсяго свету ўхмылкамі. Яна прыйшла на пошту па старой спецыяльнасці — тэлеграфісткі; змяніліся і тэксты тэлеграм: пошласці, схаваныя і відавочныя пагрозы, лаянка, нейкая абракадабра, якая нібы правярала, да якіх межаў дазваляюць дурасць і здзекі. Але нішто больш не забаранялася, усё ішло адкрыта, свабодна, бязлітасна — нібыта спяшалася выявіць усіх брыдкасловаў, колькі іх ёсць, агіднасці іх сабраць разам і знішчыць, а саміх іх адправіць па этапе... Але куды? Адпраўляць не было куды, не засталося ніводнага кута, не ахопленага гэтай
праказай.
У першыя гады бруднай лавіны, што нібыта сышла з нейкіх стромкіх гор, ад бяссілля, ад немагчымасці загарадзіцца, уцячы ад гэтай бурлівай, бруднай плыні, якая кіпела нечыстотамі і на грэбні сваім уздымала здзеклівую радасць, Тамара Іванаўна ўпадала ў слёзы: здушвала грудзі, боль нерухомым валуном залягаў унутры і надоўга пераціскаў дыханне. А паплача, палье слязьмі спалоханае сэрца, пагрэе імі, горкімі, камень-валун, ён нібыта і пасунецца, вызваліць дыханне. Але ці надоўга слязьмі выратуешся? Яна неяк злавіла сябе на тым, што разважае — заплакаць, не заплакаць? Значыць, магла не заплакаць, не паддацца жаночай слабасці. Чаму ж у такім выпадку навучылася паддавацца, падманваць сябе, верыць у міжвольную палёгку, у заканчэнне таго гарачага цяжару, што забівае нутро? Хіба можна слязьмі выгнаць тую бессаромнасць, што замяніла цяпер ўсё, што ператварылася ў бацьку, настаўніка і дзяржаўнага служачага? Не, усё, хопіць макроту разводзіць!
І ўсё часцей у пошуках крэпасці, дзе можна было б знайсці выратаванне, успамінала Тамара Іванаўна сваю вёску на беразе Ангары, шырокую лугавіну, зарослую бярозамі і хвоямі, у белым кіпені майскую чаромху на абочыне, салодкі дух яе ў вёсцы, чаромхавыя завеі пасля цвіцення, якія выбельвалі вуліцу, высокае неба, што выношвала пад сабой зямлю, а пад ім на заходнім баку разліў ангарскай вады, цяжкі і пакорлівы, з глухімі і ўсё-такі роднымі берагамі. І ўсё гэта сыходзілася разам, пералівалася, шумела, набягала адно на адно і разыходзілася, віднелася адусюль, адкуль ні зайдзі, набліжала і падстаўляла пад разгляд усё, што ні папрасі... І ўсё гэта так ярка, жыва і балюча ўліпла, нібы скура, што Тамара Іванаўна баялася дашуквацца, ці ўва ўсіх такое бывае і ці не дадзена ёй гэтая нязносная памяць на пакуты... У сне да яе некалькі разоў прыходзіла нябожчыца-маці і, азіраючыся, спяшаючыся, чагосьці баючыся, распавядала, у сваю чаргу, пра сваю нябожчыцу-маці, бабулю Тамары Іванаўны, якая чагосьці дамагалася ад маці Тамары Іванаўны. Ніяк нельга было зразумець, чаго яна дамагалася, але жудасна станавілася ад таго, што там таксама працягваюцца нейкія стасункі. Вось гэтак жа прыступамі наплывала карціна вёскі і ўсе яе навакольныя палеткі, зарэчча і шырокая бакавіна з абгароджаным выганам для жывёлы. То насунецца лясгасаўскі падворак за Ангарой і вытаптаная глыбокая сходня да вады, то аднабокая, з абламаным другім ствалом бяроза насупраць вясковага дома, якую вецер цярэбіць так, што выгнутым верхам яна нагадвае на дрэўцы палотнішча. Але гэта яшчэ зразумела, гэта з памяці. Аднак дзіўна і незразумела было тое, што з’яўлялася часам даўно забытае альбо тое, што ніколі не здаралася пры ёй, але, напэўна, адбывалася, ужо пасля яе ад’езду. Вось ідзе яна па лугавіне энергічным крокам, вёска і Ангара справа, злева адкрываюцца за аголеным ляском скошаныя палеткі, паветра празрыстае, па-восеньску калючае, яна падыходзіць да адной са старых бяроз з патрэсканай карой і бачыць, што на ніжнім суку падвешаны калаўрот. Ну і што? — калаўрот як калаўрот, за непатрэбнасцю вынеслі і прыладзілі на паказ — можа, хто забярэ, каб не прападала дабро. Але не было калаўрота ў ранейшых летуценнях, а ўжо Тамара Іванаўна і ў іх, гэтых летуценнях, з такой памятлівасцю стаптала ўсе сцяжынкі, што не заўважаным нішто застацца не магло. Сталі з’яўляцца твары дзетак, якія нарадзіліся на свет ужо пасля яе. «Ты чый?» — «Зыранаўскі». Карапуз глядзіць на яе з цікаўнасцю, ён таксама здзіўлены сустрэчай з незнаёмай цёткай. — «Чый зыранаўскі?» — «Люсін». Тамара Іванаўна доўга перабірае ў памяці, ці ёсць у зыранаўскіх Люся, і не можа ўспомніць. Але, значыць, ёсць, калі гэты грамадзянін апошняга вясковага замесу з такой упэўненасцю называе сваё прозвішча і імя маці. Зразумела, што не з казкі яны
ўзяліся.
«Усё Ангарой пранясе — і дзяцінства, і старасць, і радасць, і гора», — па-філасофску казалі ў іх у вёсцы. І жыццё праносіла, і долю намывала новую, і такія казкі па каменьчыках нагаворвала, пакуль была праточная вада, што толькі дзівуйся. Цяпер усё на дно сыходзіць, глеем зацягвае. Тамара Іванаўна міжволі задумвалася пра гэта, ёй і сапраўды здавалася, што ад таго, якой Ангара поўніцца вадой, чыстай і гаварлівай, або цяжкай, якая стаіць нерухомай запрудай, залежыць і напоўненасць яе пасяленцаў. Так, усё сыходзіць на дно без разбору і абыякава. І што ж пасля з гэтага будзе? Што за радовішча, для якой патрэбы яно стане распрацоўвацца цяжка ўяўным у далячынях будучыні чалавекам?! Маці была верніцай, праўда, без абразоў і малітваў, але імя Божае ў крыўду не давала і памінала яго часта. «Богу трэба паказацца паслушніцай, — казала яна дачцэ, — каб ён заўважыў і ўзяў цябе пад абарону». Тамара была ўжо велікаватай. «Але як жа Бог можа ўсіх нас ведаць? — пыталася яна ў задуменні. — Бо нас шмат, прама суцэльныя тысячы». І тут умешваўся бацька. У яго было сваё тлумачэнне нябеснага ўліку зямных спраў. «А мы ўсе ходзім ваду піць на раку, — ці то жартам, ці то сур’ёзна, ківаючы самому сабе, казаў ён. — Без ракі, без Ангары нашай, ніхто не пражыве. А ўсе рэкі міма Бога працякаюць. Ён у іх глядзіць і, як у люстэрку, кожнага з нас бачыць. Зразумела?» Што ж было не зразумець? Яна ківала і замірала, утаропіўшы перад сабой нерухомы погляд. Але колькі пасля ўспаміналіся гэтыя словы, як яны зачапілі душу, калі раніцаю адкрывала яна кран у гарадской кватэры і вада застаялым спружыністым струменем, сляпым і зацкаваным, фыркала з трубы, як з апраметнай. Якое ўжо тут люстэрка, якое апекаванне, лячэнне?! Багатыя людзі не дарэмна гэтай вадой з-пад крана грэбуюць, ездзяць з пластмасавымі вядзёрнымі бітонамі то на Байкал, то да крыніцы. Яны пераборлівыя, як у ежы, так і ў паветры, якім дыхаюць, ведаюць выдатна, што цялесныя хваробы набіраюцца ад ежы і вады.
Эх, жыццё-самакатка, коціцца само, ды не пані ты сядзіш у ім, камандуючы весела сонейкам у небе, а па камянях, па гразі і іншым бездаражы табою ж прадзіраецца след, пакідаючы незагойныя раны. І зноў узнікала ў Тамары Іванаўны песня, сумная і чыстая, што затаілася ў душы і сама па сабе нацякала пад міжвольным нахілам. Зноў тонкі, чуйны голас, што не плёснуўся ў ніводным гуку, выводзіў:
Легкая, легкая
Лодочка плыла.
Горькие слезы я
В лодочке лила.
Ой люли, ой люли,
Сердце, не слези,
Долю мою счастную
Не сро-ни.
Тамара Іванаўна з жалем да сябе ўздыхала, неакрэслена, шукаючы, разважала, але думкі па звычцы хутка схіляліся ўсё да таго ж: чаго там «не срони», калі ў глыбокую прорву сапхнулі... З намаганнем уздымаючы грудзі, яна выпраўляла іх, невясёлыя свае думкі, і старалася настроіцца на абнадзейлівы лад. Але і ў ім цяжка было затрымацца надоўга. То ўяўлялася ёй, што ад нядаўняга трывалага свету, у якім пражыла яна сорак гадоў, зараз ужо нічога не засталося, усё вакол, як пасля гіганцкага зрушэння пароды, завалена абломкамі, частка іх рэльефна памыснай градой выціснула наверх, другую, большую, частку раскідала ў вартым жалю беспарадку, але там і там не толькі не супрацьлеглыя сілы, а зусім ніякія не сілы, а толькі руіны, застылыя ў непадобных формах. То раптам карціна змянялася і руіны атрымлівалі асэнсаваную пабудову, выстройваліся ў незнаёмы, але ўсё-такі парадак, прынамсі, у чаргу да парадку, і здавалася, што трэба толькі ператрываць гэта страшны час, ахоўваць дзяцей і ўласныя душы — уладкуецца ж калі-небудзь жыццё, не можа не ўладкавацца!.. Так хацелася дацягнуць да гэтага, так хацелася адпачынку яшчэ ў жыцці! І — падхоплівалася струменістым, мяккім спяваннем:
Тихая, тихая
Реченька текла.
Слезынек, слезынек
Много напила.
Ой люли, ой люли,
Речка, не бурли.
Лодочке дороженьку
По-сте-ли.



