Авіятар

(фрагмент з рамана)

Пасля абеду Гейгер сышоў. Я бачыў яго ў калідоры, калі ўваходзіла Валянціна, — у паліто, з шапкаю ў руках. Чуў, як сціхаюць яго крокі, спачатку на паверсе, пасля па лесвіцы. Два дні я не прасіў Валянціну легчы побач са мной, хаця і марыў пра гэта. Нягледзячы на дазвол Гейгера (ці насуперак яму?). А зараз — папрасіў.

І вось яна ўжо побач, яе далонь у маёй далоні. Пасма яе валасоў казыча маё вуха. Мне было б цяжка ад думкі, што нас могуць заспець за гэтым. За нечым іншым, заганным, можа, нават непрыстойным, — не страшна, бо непрыстойнае — першае, чаго можна было б чакаць, а вось за гэтым... Тут так тонка ўсё, так трапятліва і невытлумачальна, і не пакідае пачуццё, што гэта ўжо некалі было. Пытаю ў Валянціны, ці было з ёй ужо такое, ці ёсць у яе на гэты конт нейкія размытыя ўспаміны, не ўспаміны нават — здагадкі. Не, адказвае, не было, увогуле нічога такога нават не было, адкуль узяцца ўспамінам?

Дык было ж — у мяне, ну не прыдумаў жа я гэта, на самай справе. Мы вось гэтак жа нерухома ляжалі на ложку, рука ў руцэ, скроня да скроні. Я тады не мог праглынуць сліну — баяўся, што яна пачуе гук глытання, знарок кашляў, каб апраўдаць гэты гук — такімі нематэрыяльнымі былі нашы адносіны. Або каб там хруснула ў суставе — таксама баяўся, бо адразу разбурылася б уся лёгкасць, уся далікатнасць нашых адносін. У іх не было нічога цялеснага. Мне хапала яе запясця, яе мезенца, пазногця на мезенцы — маленькага, як лускавінка перламутру, гладкага і ружовага. Я пішу, і ў мяне дрыжыць рука. Так, ад слабасці, ад тэмпературы, але і ад вялікай напругі пачуццяў. І таму яшчэ, што ўсё астатняе памяць ад мяне хавае. Што гэта было?

— Што гэта было? — крычу, абліваючыся слязамі, сястры Валянціне. — Чаму шчасце жыцця майго ўспамінаецца мне не поўнасцю?

Прахалоднымі вуснамі Валянціна прыціскаецца да майго лба.

— Можа, тады яно перастала б быць шчасцем.

Можа. Але каб зразумець гэта, трэба ўсё прыгадаць.

Прыгадваю. Трамвайныя рэйкі на замерзлай рацэ. Электрычны трамвайчык, які прабіваецца ад аднаго берага да другога, лаўкі ўздоўж вокнаў. Позірк вагонаважатага свідруе завіруху і змрок, але іншага берага ўсё яшчэ не відаць. Шлях ледзь асвятляюць ліхтары, у іх мігатлівым святле кожная няроўнасць на лёдзе здаецца падарожным расколінай і ззяннем. Вагонаважаты засяроджаны, ён апошні, хто страціць надзею. Кандуктар таксама моцны духам, але не забывае ўзбадзёрваць сябе глыткамі з пляшкі, бо мароз і гэты месяцовы пейзаж збянтэжаць усякага, але ж кандуктар павінен заставацца бадзёрым. Прадае квіткі па пяць капеек, адрывае іх заледзянелымі пальцамі. Пад ім дзесяць сажняў вады, па баках мяцеліца, але крохкі яго каўчэг, жоўты агеньчык на лёдзе, імкнецца да сваёй мэты — да вялізнага шпіля, які губляецца ў змроку. Я пазнаю гэты шпіль і гэтую раку. Цяпер я ведаю, у якім горадзе жыў.

Чацвер

Я ж любіў Пецярбург бясконца. Вяртаючыся з іншых месцаў, адчуваў вострае шчасце. Яго гармонія супрацьстаяла ў маіх вачах хаосу, які палохаў і засмучаў мяне з дзяцінства. Я зараз не магу як след аднавіць падзей майго жыцця, памятаю толькі, што, калі мяне захліствалі хвалі гэтага хаосу, ратавала думка аб Пецярбургу — востраве, аб які яны разбіваюцца...

Валянціна зрабіла мне зараз укол у мяккае месца. Нейкі вітамін. Вітаміны балючыя, гэтыя шпрыцы чамусьці значна больш непрыемныя, чым шпрыцы з лекамі. Я страціў думку...

Ах, так — гармонія. Строгасць. Вось мы з бацькам і маці — я ў цэнтры, яны па баках, трымаюць мяне за рукі, ідзём па Тэатральнай вуліцы ад Фантанкі да Александрынскага тэатра, проста пасярэдзіне вуліцы. Самі — увасабленне сіметрыі, калі хочаце — гармоніі. І вось ідзём мы, а бацька кажа мне, што адлегласць паміж дамамі роўная вышыні дамоў і даўжыня вуліцы дзесяціразова перавышае вышыню дамоў. Тэатр нарастае, набліжаецца, страшыць. Паскарэнне хмар у небе. Так, вось што: вуліцу потым перайменавалі, неяк убога пазначылі. Навошта?

А яшчэ прыгадаўся пажар. Не сам пажар, а як ехалі яго тушыць — па Неўскім, ранняй восенню, на зыходзе дня. Наперадзе на вараным кані — скачок. З трубой ля рота, як анёл Апакаліпсіса. Скачок трубіць, рыхтуючы шлях пажарнаму абозу, і ўсе кідаюцца ўрассыпную. Рамізнікі хвошчуць коней, прыціскаюць іх да абочын і заміраюць, стоячы да пажарных напаўпаварота. І вось па бурлівым Неўскім, у якім утварылася пустэча, імчыцца калясніца, якая нясе вогнеборцаў. Спінай адзін да аднаго яны сядзяць на доўгай раме, у медных касках, і над імі лунае сцяг пажарнай часці. Ля сцяга — брандмайстар, ён звоніць у звон. У сваёй абыякавасці пажарныя трагічныя, на іх тварах іграюць водбліскі полымя, якое недзе іх чакае, якое недзе ўжо разгарэлася, да пары нябачнае.

На тых, хто едзе, злятае вогненна-жоўтае лісце з Кацярынінскага саду, дзе свой пажар. Мы з мамай стаім, прыціснуўшыся да чыгуннай рашоткі, і назіраем, як бязважкасць лісця перадаецца абозу: ён павольна адрываецца ад брукаванкі і на невялікай вышыні ляціць над Неўскім. За лінейкай з пажарнымі праплывае параконная фурманка з ламамі, катушкамі для шлангаў і штурмавымі лесвіцамі, за ёй — іншая павозка з паравой помпай (з катла — пара, з трубы — дым), за ёй — медыцынскі фургон, каб ратаваць абпаленых. Я плачу, і мама кажа, каб я не баяўся, толькі ж плачу я не ад страху — ад лішку пачуццяў. Ад захаплення мужнасцю і вялікай славай гэтых людзей, ад таго, што так велічна яны праплываюць міма замерлага натоўпу пад удары звона.

Я вельмі хацеў стаць брандмайстрам і кожны раз, як бачыў пажарных, звяртаў да іх бязгучную просьбу прыняць мяне ў іх шэрагі. Калі праязджаў па Неўскім на імперыяле, нязменна ўяўляў, што накіроўваюся на пажар.

Трымаўся ўрачыста і крыху сумна і не ведаў, як там усё яшчэ складзецца сярод бушуючага полымя, і лавіў захопленыя позіркі, і на прывітанні натоўпу, злёгку адкінуўшы галаву набок, адказваў аднымі вачыма. Мяркуючы па ўсім, пажарнікам я ўсё ж такі не стаў, але цяпер, праз час, я аб гэтым не шкадую.

Субота

Увесь дзень учора праходзіў абследаванне. Дзіўнае нейкае ўражанне... Не, ні балюча, ні нават непрыемна мне не было. Здзівілі прыборы — я такіх ніколі не бачыў. Я ж, вядома, не спецыяліст па прыборах, і ўсё, што я пра іх магу сказаць, не больш за маё адчуванне, але адчуванне гэта незвычайнае.

— Я доўгі час быў у непрытомнасці? — спытаў я потым у сястры Валянціны. — Настолькі доўгі, што паспелі з’явіцца новыя прыборы?

Замест адказу Валянціна легла побач са мной. Гладзіла мяне па валасах.

Так гладзіла мяне некалі Анастасія. Трэба ж, усплыло раптам імя. Не памятаю, хто яна, чаму мяне гладзіла, але памятаю, што Анастасія. Пальцы яе падарожнічалі ў маіх валасах, часам заміралі ў задуменні. Слізгалі па шчацэ да вуха, мякка абмацвалі рэльеф вушной ракавіны, і я чуў іх непраўдападобна гучнае шамаценне. Здаралася, Анастасія прыціскала лоб да майго лба і сплятала ў адным завітку маю і сваю пасмы. Светлае з цёмным. Нас гэта жудасна заводзіла, мы былі такімі рознымі.

— Пра што вы думаеце? — пытаецца ў мяне Валянціна.

— Кажы мне «ты», добра?

— Пра што ты думаеш?

Ды ні пра што. Мне проста няма пра што думаць — я нічога не памятаю. Вось і ад Насці засталося толькі імя. Імя і пах яе пшанічных валасоў — на яго я таксама не забыўся. А можа, за ўражанне, якое ацалела ў памяці, я прымаю пах валасоў Валянціны. Або так: пах валасоў Валянціны (таксама — пшанічных) нагадвае мне тое, што калісьці рабіла мяне шчаслівым.

Нядзеля

Гейгер прынёс мне «Рабінзона Круза». Не ў новым выданні са спрошчанай арфаграфіяй, а ў дарэвалюцыйным: год 1906-ы. Менавіта гэтую кнігу я ў дзяцінстве і чытаў — ведаў ён пра гэта, ці што? Я б пазнаў яе з заполюшчанымі вачамі — навобмацак, па вазе. Па паху — як валасы Анастасіі. У маіх ноздрах назаўсёды застаўся водар друкарскай фарбы, які сыходзіў ад глянцавых лістоў гэтай кнігі. Ён быў водарам вандровак. Шолах гэтых лістоў быў шолахам астраўнога лісця, якое бараніла Рабінзона ад сонца, — вялізнага, ярка-зялёнага, якое ледзьве калыхалася. З крыштальнымі кроплямі раніцай. Я гартаў кнігу і пазнаваў старонку за старонкай. З кожным радком уваскрасала ўсё, што суправаджала яе ў маім мінулым часе, — кашаль бабулі, звон упаўшага на кухні нажа і (адтуль жа) пах смажанага, дым бацькоўскай папяросы. Мяркуючы па выхадных даных кнігі, усе адзначаныя падзеі адбыліся не раней за 1906 год.

Панядзелак

Чалавек сядзіць за сталом. Бачны ў дзвярную шчыліну: прыгорбіўшыся, рэжа каўбасу роўнымі кружкамі, адзін за адным адпраўляе іх у рот. Жалобная трапеза. Уздыхнуўшы, налівае ў кубак гарэлкі, перакульвае адным махам, цмокае. Часам глядзіць у акно. Там лісты, нібы свінцовыя, пікіруюць па дыяганалі ўніз. Ім бы плаўна спускацца, але — вецер, ён іх вабіць. А я назіраю за ўсім з калідора, дзе цёмна. Назіраю прычым не ля самых дзвярэй, а адступіўшы, таму мяне не відаць. Мне цікава, што робіць чалавек, які не ведае, што за ім сочаць. А ён нічога не робіць, толькі адразае каўбасу кружок за кружком і сумна запівае гарэлкай. Перш чым узяць кубак, выцірае пальцы аб газету. Вось, трэба ж, нічога асаблівага, а ўрэзалася ў памяць. Дзе і калі гэта было?

Ужо некалькі дзён мая тэмпература не перавышае 37,5. І адчуваю сябе лепш, слабасць паціху сыходзіць. Часам сяджу на ложку — пакуль не стамлюся, а стамляюся ўсё яшчэ хутка. Было такое катаванне: саджалі чалавека на жэрдку ці на вузкую лаўку так, каб яго ногі да падлогі не даставалі. І нельга спаць, горбіцца нават нельга. Рукі на каленях. Прымушалі сядзець дзень і ноч — пакуль ногі не апухалі. Так гэта і называлася — адправіць на жэрдачку. Якое ў мяне ўсё ж такі бязладдзе ў галаве...

Лепш так: вось мы ў Лігаве, у Паляжаеўскім парку. Чэрвень месяц. Там рэчка Лігаўка, невялікая зусім, але ў парку шырокая, як возера. Каля ўвахода — экіпажы, ландо ў вялікай колькасці, і я пытаюся ў бацькі, ці з’ехаўся сюды ўвесь горад. Некалькі імгненняў бацька ўзважвае, што стаіць за маім пытаннем — прастадушнасць ці іронія. Адказвае асцярожна: не, не ўвесь. Пытанне маё насамрэч свеціцца радасцю — я люблю вялікую колькасць народу. Тады яшчэ люблю.

На траве — абрусы, самавары, патэфоны. У нас няма патэфона, і я гляджу, як круцяць ручку прысутныя побач. Хто сядзіць — не памятаю, але і сёння бачу, як круціцца ручка. Праз імгненне раздаецца музыка — хрыплая, заікаецца, і ўсё ж музыка. Спевы. Скрыня, поўная маленькіх прастуджаных спевакоў, — як жа я тады хацеў валодаць патэфонам! Клапаціцца пра яго, песціць, ставіць узімку ля печы, але галоўнае — заводзіць яго з царскай нядбайнасцю, як робяць справу даўно звыклую. Кручэнне ручкі здавалася мне простай і ў той жа час невідавочнай прычынай гукаў, што ліліся, універсальнай адмычкай да выдатнага. Было ў кругавым руху рукі нешта моцартаўскае, нешта ад узмаху дырыжорскай палачкі, які ажыўляў нямыя прылады, і зямнымі законамі таксама не зусім вытлумачальнае. Я, бывала, дырыжыраваў сам-насам, напяваючы пачутыя мелодыі, і нядрэнна ў мяне атрымлівалася. Калі б не мара стаць брандмайстрам, то хацеў бы я стаць, вядома ж, дырыжорам.

У той чэрвеньскі дзень мы бачылі і дырыжора. З паслухмяным яго палачцы аркестрам ён павольна аддаляўся ад берага. Не паркавы быў аркестр, не духавы — сімфанічны. Стаяў на плыце, незразумела як змясціўшыся, і па вадзе расцякалася яго музыка. Вакол плыта плавалі лодкі, качкі, чутны былі то рыпанне ўключын, то краканне, але ўсё гэта лёгка ўрастала ў музыку і прымалася дырыжорам у цэлым добразычліва. Акружаны музыкамі, дырыжор быў у той жа час самотны: ёсць у гэтай прафесіі неспасцігальны трагізм. Ён, можа быць, выяўлены не так ярка, як у брандмайстра, паколькі не звязаны ні з агнём, ні са знешнімі абставінамі наогул, але ўнутраная гэтая яго прырода паліць сэрцы мацней.

Аўторак

Чатыры катэгорыі атрымлівалі прадуктовыя карткі:

Першая — працоўныя. Гэта фунт хлеба ў дзень. Цалкам досыць.

Другая — савслужачыя, чвэрць фунта хлеба на дзень.

Трэцяя — няслужачыя інтэлігенты, усяго васьмушка.

Чацвёртая — буржуі. Таксама васьмушка, толькі на два дні. І ні ў чым сабе не адмаўляй...

Спытаў у Гейгера, ці ходзяць зараз прадуктовыя карткі. Ён адказаў, што ўжо адмянілі. Ну, дзякуй богу. Невялікае гэта задавальненне — атаварваць карткі, асабліва на мыла і газу.

Даведаўся, што адкрыўся новы пункт выдачы на Васільеўскім востраве, вугал 8-й лініі і Сярэдняга. Паплёўся я з Петраградскай туды — пра новае месца не ўсе ведаюць, там звычайна чарга менш. Вецер з заліва і дробны снег, вушы джаліць. Далі мне з сабой бабуліну хустку (а бабулі ўжо не было сярод жывых), каб я надзеў яе па-над фуражкай, але я, дурань, пасаромеўся. І ўжо на Тучковым мосце мяне ледзь не садзьмула. Дастаў я з партфеля хустку і наматаў на галаву. І чаго, спытацца, саромеўся — такая завіруха, што нічога на адлегласці выцягнутай рукі не відаць. А калі нават і відаць — хто б мяне ў гэтай хустцы пазнаў? Але, падыходзячы да 8-й лініі, зняў яе ўсё ж такі.

Стаў у чаргу. Пелагея Васільеўна мне гаворыць:

— Я Пелагея Васільеўна, я ў чарзе перад вамі, але хачу пастаяць у нішы, дзе вецер меншы.

— Вядома, — адказваю, — Пелагея Васільеўна, стойце сабе ў нішы, што ж я магу вам яшчэ сказаць?

— А вы не пойдзеце з чаргі? Калі пойдзеце, зайдзіце да мяне сюды ў нішу (паказвае) і папярэдзьце.

Я ківаю, але яна застаецца на месцы.

— Я б, — кажа, — пастаяла, але ў мяне павышаная тэмпература. Не ведаю, што ад мяне пасля гэтага стаяння застанецца. А без газы гатаваць няма на чым.

Падыходзіць Мікалай Кузьміч:

— Ідзі, Пелагея, я замест цябе пастаю, ды не хвалюйся ты, далібог.

Яна саступае яму сваё месца ў чарзе.

— За Мікалая Кузьміча я спакойная.

Усе людзі тут засыпаны снегам — шапкі, плечы, вейкі. Некаторыя б’юць нагой аб нагу. З нішы выглядае Пелагея, недаверліва пазіраючы на Мікалая Кузьміча. Той заўважае Пелагею і з дакорам ківае галавой.

— Дзякуй табе, Мікалай, — кажа яна і хаваецца ў нішы.

Першую гадзіну ўсё жартуюць і гавораць аб тым, як цяжка жыць без газы. Газы і дроў. На зыходзе трэцяй гадзіны падыходзіць Скварцоў, нейкім чынам мне знаёмы. Падтрымліваючы агульную гутарку, Скварцоў кажа, што 1919-ы год — найгоршы ў яго жыцці.

— А колькі твайго жыцця, — пытаецца нехта з чаргі, — гадоў дзевятнаццаць усяго і будзе? Ці дваццаць? Што ты, увогуле кажучы, у гэтым жыцці бачыў?

— Ну, па-першае...

Адказваючы, Скварцоў робіць выгляд, што ён паўнапраўны член чаргі і што стаіць разам са мной. Голас яго роўны, але чарга яму не верыць.

— Вось ён, — кажа Мікалай Кузьміч, паказваючы на мяне, — стаяў тут з самага пачатку, мы яго памятаем. Пелагею Васільеўну памятаем, замест якой стаю тут я. (На імгненне з нішы паказваецца Пелагея.) А цябе, прабач, не памятаем.

Скварцоў паціскае плячыма, і з іх злятае снег. Праз імгненне Скварцоў зліваецца з завірухай. Сыходзіць лёгка, без спрэчкі. Сыходзіць з майго жыцця назаўжды, бо больш я яго, здаецца, не бачыў.

Серада

На шафе статуэтка Феміды, яе падарылі бацьку ў дзень заканчэння юрыдычнага факультэта. Мне, яшчэ немаўляці, на яе паказвалі, кажучы: Феміда. Пыталіся потым, пры гасцях асабліва: дзе Феміда? Я паказваў. Не ведаў яшчэ, хто такая Феміда, думаў, што любая лухта, якая стаіць на шафе. Мне ўсё ў Фемідзе падабалася, акрамя вагаў — яны не гайдаліся. Гадоў да сямі я гэта цярпеў, а потым паспрабаваў зрабіць вагі рухомымі, гнуў іх, стукаў па іх малатком. Быў упэўнены, што яны павінны хістацца, думаў, заела штосьці. Вагі, вядома, адламаліся.

Чацвер

Сёння пасля ранішняга агляду Гейгер застаўся ў палаце. Слізнуў рукой па спінцы венскага крэсла.

— Вы неяк пыталіся ў Валянціны, ці доўга былі ў непрытомнасці...

Упёрся ў спінку абедзвюма рукамі і глядзеў на мяне. Я падцягнуў коўдру да падбародка.

— Гэта таксама таямніца?

— Не, чаму ж. Рэабілітацыя ваша праходзіць паспяхова, і, я думаю, ужо можна сёе-тое вам растлумачыць. Але толькі сёе-тое — так, каб не ўсё ад­разу.

Нібы дачакаўшыся гэтай фразы, у палату ўвайшла Валянціна з трыма кубачкамі на падносе. Я зразумеў, што гэта кава, як толькі жанчына занесла нагу над парогам. Кава чароўна пахла. Добра звараная кава — калі ж я піў яе ў апошні раз? Мне дапамаглі падняцца, і праз хвіліну ўсе мы сядзелі — я на ложку, Гейгер з Валянцінай — на крэслах.

— Справа ў тым, — сказаў Гейгер, — што вы сапраўды вельмі доўга былі ў непрытомнасці, і ў свеце адбыліся змены. Я вам буду патроху пра іх расказваць, а вы працягнеце ўспамінаць усё, што было з вамі. Наша з вамі задача — каб гэтыя два патокі зліліся без болю.

Кава была такой жа, як яе пах, можа быць, нават крышачку лепшай. Гейгер стаў расказваць пра заваяванне космасу. Мы з амерыканцамі, аказваецца, ужо даўно лятаем у космас. Што ж, зважаючы на ідэі Цыялкоўскага, гэтага трэба было чакаць. (Чаго мне не хапае ў каву, дык гэта цукру. Пытаюся, ці можна атрымаць цукар. Гейгер вагаецца, кажа, што не ведае, як у маім арганізме будзе паводзіць сябе глюкоза.) Першым у космасе быў рускі, затое амерыканцы пабывалі на Месяцы. Мала што ведаю пра космас і Месяц, але, па-мойму, рабіць там зусім няма чаго.

— Людзі пабывалі на дне самых глыбокіх мораў, — працягвае Гейгер.

Ківаю.

— У ваш час можна было падумаць аб нечым падобным? — пытаецца Валянціна.

— Так, — адказваю, — сякія-такія ідэі на гэты конт меліся ўжо тады.

Расказваю, што была на кірмашах такая цацка — аўстралійскі жыхар. У шкляным балончыку з вадой плаваў маленькі шкляны спадар з вылупленымі вачыма. Зверху на балончык мацавалася гумавая мембрана. Націснеш на мембрану — аўстралійскі жыхар пачынае круціцца вакол сваёй восі і ідзе да дна. «Аўстралійскі жыхар спускаецца на дно марское, шукае шчасце людское!» — крычаў прадавец. Прыпадаючы на адну нагу і шоргаючы, гандляр на здзіўленне хутка перамяшчаўся па кірмашы, і голас яго то сціхаў, то ўзнікаў раптам недзе побач. «Аўстралійскі жыхар спускаецца...» Усіх забаўляла, што барацьбіты за чалавечае шчасце выглядаюць гэтак незвычайна. Што яны такія рухавыя. Рускія жыхары, у адрозненне ад аўстралійскіх, з такой хуткасцю круціцца, безумоўна, не ўмелі.

Рука Гейгера на плячы Валянціны. Пальцы як бы машынальна перабіраюць пасму яе валасоў. Паказваюць на мяне. Тэатральным шэптам Гейгер прамаўляе ёй у самае вуха:

— Гэта ж не толькі аб заваяванні стыхій, тут бяры вышэй — праблема шчасця...

— Барацьба за шчасце вас, здаецца, не асабліва натхняе? — пытаецца ў мяне Валянціна.

— Ад яе, — кажу, — наогул адны трагедыі.

Валянціна не робіць спроб ухіліцца ад Гейгеравай рукі. Смяецца. Цікава, ці існуюць паміж імі нейкія адносіны? Надта па-гаспадарску ён з ёю абыходзіцца.

Гейгер мне яшчэ нешта з вобласці тэхнікі расказваў, але я не ўсё запомніў. Так, зараз пішуць «шарыкавымі ручкамі» (унутры пяра шарык) — дык вось, гэта тое, што Валянціна некалькі дзён таму ад мяне хавала. Яны хацелі зберагчы мяне ад узрушэння. Скажу шчыра: мяне гэта не ўзрушыла.