Я бачу, як цёмнае дрэва павольна рухаецца праз мяне...

* * *

Я бачу, як цёмнае дрэва павольна рухаецца праз мяне
і ў кончыках пальцаў варушыцца тонкае голле.
І карцінка гэтая настолькі мацнейшая за рэальнасць, каб зразумець,
як выглядае цела, да нерваў аголенае.

Знутры мяне мох і драўніна смалістая. Зямная кара
да розных змяненняў гатовая, але ж мы заўважаем звычайна
тое толькі, што побач, паблізу — акраек двара
і мёртвыя рэчы, што таемна жывуць за плячамі.

Усё, што прысніцца, магчыма, магло б прарастаць,
і словы, магчыма, таксама жывыя — як людзі,
як птушкі, звяры, як зярнятка, што марыла коласам стаць...
Тут выбар і зроку, і веры — інакш анічога не будзе!