Чапаеў і Пустата
(фрагмент рамана)
Хутка Марыі пачало здавацца, што яна ідзе па доўгай зале мастацкай галерэі: сегменты рэальнага свету, якія час ад часу з’яўляліся з цемры, што ахутала ўсё навакольнае асяроддзе, сваёй зацяганай будзённасцю былі вельмі падобныя да аб’ектаў актуальнага мастацтва. Ёй насустрач выплывалі шыльдачкі з надпісам: «Абмен валюты», зрэзаныя сцізорыкамі лаўкі і вялізная колькасць пустых бляшанак, і гэта сведчыла аб тым, што новае пакаленне ў сваёй масе выбірае ўсё ж такі піва.
З дыму вынырвалі і зноўку знікалі ў ім нейкія неспакойныя людзі з аўтаматамі ў руках. Яны рабілі выгляд, што не заўважаюць Марыю, і яна плаціла ім тым жа. І без іх было дастаткова тых, хто памятаў яе і думаў аб ёй. Колькі іх было? Мільёны? Дзясяткі мільёнаў? Марыя не ведала іх дакладнай колькасці, але была ўпэўненая, што калі б усе сэрцы, у якіх яе прапісаў лёс, ударылі ва ўнісон, то іх агульны шум, аказаўся б куды гучнейшы за аглушальныя выбухі за ракой.
Марыя азірнулася і прыжмурыла свае прамяністыя вочы, спрабуючы зразумець, у чым справа.
Дзесьці непадалёку — дзе менавіта не было бачна праз дым — час ад часу чуўся грукат, і ўслед за кожным ягоным раскатам даносіліся сабачы брэх ды гоман мноства галасоў, як бывае на стадыёне пасля гола. Марыя не ведала, што думаць з гэтай нагоды: магчыма, за ракой здымалі кіно, а можа быць, новыя рускія разбіраліся, хто з іх самы новы. «Хутчэй бы падзялілі ўжо ўсё, — падумала яна, уздыхаючы, — а то колькі яшчэ маладых прыгожых хлопцаў упадзе на асфальт і залье яго крывёю з прабітага сэрца».
Марыя пачала думаць пра тое, як аблегчыць невыносны цяжар гэтага жыцця ўсім, хто бог ведае навошта курчыцца зараз у чорных клубах дыму, якія зацягнулі сабой і неба, і сонца. Ёй у галаву прыходзілі ясныя, светлыя, немудрагелістыя вобразы: вось яна, у простай сукенцы, уваходзіць у сціплую кватэру, прыбраную з нагоды яе візіту гаспадарамі. А вось і самі гаспадары — сядзяць за сталом каля самавара і закахана глядзяць на Марыю, і яна ведае, што нічога не трэба казаць, трэба проста сядзець насупраць і ласкава глядзець на іх, па магчымасці не звяртаючы ўвагі на камеру, што стракоча над самым вухам. Альбо так: бальнічная палата, людзі ў бінтах ляжаць на нязручных ложках, і яе выява, што вісіць на сцяне ў такім месцы, каб бачна было ўсім. З ложкаў пазіраюць на гэтую выяву і на нейкі час забываюць пра свае беды і боль...
Усё гэта было цудоўна, але Марыя падсвядома разумела, што гэтага недастаткова — не, свету патрэбна была сіла, суровая і непахісная, здольная, калі спатрэбіцца, супрацьстаяць злу. Толькі вось дзе ўзяць тую сілу? І якой яна павінна быць? Марыя не ведала адказу на падобныя пытанні, толькі адчувала, што менавіта дзеля гэтага яна ідзе зараз па набярэжнай у горадзе, які штохвілінна сыходзіць пакутамі.
Парыў ветру на імгненне разагнаў дым вакол Марыі, і на яе ўпаў сонечны прамень. Яна засланілася ад яго далонню і раптам зразумела, дзе шукаць адказ: вядома ж, ён быў у тых шматлікіх сэрцах і розумах, якія прызвалі яе сюды і прымусілі ўвасобіцца на гэтай дымнай набярэжнай. Усе яны як бы зліваліся ў адзіны акіян свядомасці праз мільёны вачэй, што глядзяць на тэлеэкран, і ўвесь гэты акіян быў адкрыты яе погляду.
Марыя агледзела яго і спачатку не ўбачыла нічога, што магло б дапамагчы. Не, вядома ж, у гэтым акіяне свядомасці была прадстаўлена ўсёпераможная сіла, і ў большасці выпадкаў — прыкладна аднолькава, так, што атрымліваўся нейкі агульны вобраз: малады чалавек з невялікай галавой і шырокімі плячамі, у двухбортным малінавым пінжаку, які стаіць, шырока расставіўшы ногі, каля доўгага прысадзістага аўтамабіля.
Гэты аўтамабіль быў даволі няясны і нібыта размазаны па паветры, бо ўсе тыя, чые душы бачыла Марыя, уяўлялі на ягоным месцы самыя розныя мадэлі. Тое ж тычылася і твару маладога чалавека — ён быў вельмі прыблізны, толькі прычоска, крышку кучаравы каштанавы вожык, атрымлівалася куды больш дакладнай. Затое пінжак прамалёўваўся з незвычайнай выразнасцю, і, прыклаўшы трохі намаганняў, можна было б нават прачытаць надпісы на залатых гузіках. Але Марыя не стала гэтага рабіць. Справа ж была не ў тым, што напісана на гузіках, а ў тым, як гэтую непераможную сілу злучыць з яе рахманай любоўю.
Марыя спынілася і абаперлася на адну з гранітных тумбаў, што падзялялі чугунныя краты агароджы. Трэба было зноўку шукаць адказ у тых розумах і душах, што даверыліся ёй, але на гэты раз — Марыя ведала тое зусім дакладна — усярэдненыя думкі не падыходзілі. Трэба было...
«Павінна ж там быць хоць адна разумная баба», — падумалася ёй.
І гэтая разумная баба амаль адразу знайшлася. Марыя не ведала яе імя, хто яна такая і нават як яна выглядае — мільганулі толькі на імгненне высокія кніжныя шафы, завалены паперамі стол з пішучай машынкай і над ім, на сцяне, — фотаздымак чалавека з вялізнымі пакручастымі вусамі і змрочным поглядам. Усё было дрыготкім, скрыўленым і чорна-белым, нібыта Марыя ўбачыла гэта знутры зусім старога тэлевізара з экранам, не большым за цыгарэтны пачак, прытым тэлевізар стаяў не ў цэнтры пакоя, а дзесьці далёка ў кутку. Але зрокавыя вобразы зніклі занадта хутка, каб Марыя паспела задумацца над тым, што ўбачыла, а потым на змену ім прыйшлі думкі.
Марыя не зразумела амаль нічога з той віхуры паняццяў, якая перад ёй адкрылася, да таго ж віхура гэтая была нейкай задушлівай і змрочнай, нібыта хваля пылу, што ўздымаецца ўсялякі раз, калі з каморы выпадае старая шырма. Марыя прыйшла да высновы, што мае справу з залішне засмечанай і не зусім нармальнай свядомасцю, і, калі ўсё скончылася, адчула вялікую палёгку. Улоў, што застаўся ў ружовай пустэчы яе душы, складаўся з не да канца ясных слоў. Словы былі такія: «прыўкрасная дама» (тут было зразумела, пра каго ідзе гаворка), «незнаёмка» (таксама зразумела), потым мільгацела слова «Жаніх» (чамусьці з вялікай літары), затым — «Госць» (таксама з вялікай), далей вісела незразумелае словазлучэнне «алхімічны шлюб», а за ім — штосьці зусім цёмнае: «адпачынак дарэмны, стукаю ў браму». На гэтым думкі заканчваліся — пасля іх яшчэ раз мільгануў фотаздымак чалавека з ашалелым поглядам і доўгімі вісячымі вусамі, больш падобнымі да барады, што расце прама з-пад носу.
Марыя разгублена аледзелася па баках. Па-ранейшаму вакол быў галоўным чынам дым. Яна падумала, што, магчыма, дзесьці побач знаходзіцца брама, у якую трэба пастукаць, і зрабіла некалькі нясмелых крокаў у імглу. Чарната адразу ж абступіла Марыю з усіх бакоў, ёй стала страшна, і яна выбегла назад, на набярэжную, дзе ўсё ж мелася крышачку святла.
«Ды калі і пастукаць, — падумала Марыя, — хіба ж хто адчыніць?»
За спінай пачулася бурчанне аўтамабільнага матора. Марыя прыціснулася да агароджы нябярэжнай і стала з асцярогай чакаць, што з’явіцца з дыму. Прайшло некалькі секунд, і паўз яе павольна праплыла доўгая чорная машына, «Чайка», упрыгожаная рознакаляровымі стужкамі. Гэта быў, як зразумела Марыя, вясельны экіпаж. У машыне было поўна людзей, якія засяроджана маўчалі, з вокнаў тырчала некалькі аўтаматных ствалоў, а на даху блішчэлі два жоўтыя пярсцёнкі, адзін крыху большы за другі.
Марыя праводзіла «Чайку» поглядам і пляснула сябе далонькай па лбе. «Ну вядома ж», — зразумела яна. Так. Менавіта так. Два злучаныя пярсцёнкі, Жаніх, Госць, Спонсар. Алхімічны шлюб. Праўда, невядома, што гэта такое — алхімічны, але, у выпадку чаго, адвакат у яе выдатны. Марыя пакруціла галавой і ўсміхнулася. Як яна магла столькі часу не бачыць самага простага, самага галоўнага? І пра што яна наогул думала?
Марыя агледзелася, прыкладна зарыентавалася па баках свету і працягнула руки на захад (нейкім чынам было ясна, што Жаніх з’явіцца адтуль).
— Прыйдзі! — умольна прашаптала Марыя і адразу ж адчула нейкую новую прысутнасць, якая толькі што з’явілася ў свеце.
Цяпер заставалася толькі чакаць сустрэчы. Яна пабегла наперад, з радасцю адчуваючы, як адлегласць паміж ёй і Жаніхом скарачаецца. Ён, як Марыя ўжо ведала, ішоў ёй насустрач па гэтай жа набярэжнай, але, у адрозненні ад яе, не спяшаўся, таму што спяшацца было не ў ягоным характары.
Цудам пераскочыўшы праз нейкі адчынены каналізацыйны люк, які зусім нечакана з’явіўся з дыму, Марыя запаволіла крок і пачала ліхаманкава абмацваць кішэні. Ёй у галаву прыйшло, што ў яе няма з сабой ні люстэрка, ні касметычкі. На імгненне Марыю ахапіў адчай — яна нават пачала ўспамінаць, ці не было на шляху хоць якой лужынкі, дзе б можна было ўбачыць сваё адлюстраванне. Але адчай развеяўся гэтак жа хутка, як і з’явіўся — Марыя ўспомніла, што можа паўстаць перад Жаніхом такой, якой пажадае.
Яна нейкі час разважала. Хай ён убачыць зусім маладое дзяўчо, вырашыла Марыя, з дзвюма рудымі коскамі, рабаціністым тварам і... і... Патрабавалася яшчэ нейкая мілая дэталь, наіўная рысачка. Завушніцы? Бейсбольная кепка? Заставалася зусім мала часу, і ў апошні момант Марыя ўпрыгожыла сябе ярка-ружовымі навушнікамі, якія нібыта дапаўнялі ўсхваляваную чырвань яе шчок. Пасля гэтага яна ўзняла вочы і пачала ўглядвацца ў далячынь.
Наперадзе, у падраных шматках дыму, мільганула штосьці металічнае і адразу ж знікла. Потым з’явілася крыху бліжэй і зноўку прапала ў змроку. Раптам парыў ветру адагнаў дым убок, і Марыя ўбачыла высокую бліскучую фігуру, якая павольна рухалася ёй насустрач. Адначасова яна заўважыла — ці мо гэта ёй падалося, — што з кожным крокам гэтай фігуры зямля крыху ўздрыгвае. Металічны чалавек быў нашмат вышэйшы за Марыю, і ягоны абыякава-прыгожы твар не адлюстроўваў абсалютна ніякіх пачуццяў. Марыі стала страшна, і яна падалася назад, памятаючы, што дзесьці ў яе за спінай застаўся адчынены люк, але не магла адарваць погляду ад металічнага торса, які насоўваўся на яе, нібыта нос магутнага ледакола на льдзіну.
У той момант, калі яна ўжо гатовая была закрычаць, з металічным чалавекам адбылася дзіўная трансфармацыя. Спачатку на ягоных бліскучых сцёгнах з’явіліся паласатыя трусы надта хатняга выгляду, потым — белая майка, затым ягонае цела набыло нармальны колер загарэлай чалавечай скуры і адразу ж услед за гэтым убралася ў канарэечныя штаны, кашулю з паласатым гальштукам і дзіўнай прыгажосці малінавы двухбортны пінжак з залатымі гузікамі. Толькі тут Марыя супакоілася. Але малінавы пінжак радаваў яе вочы зусім нядоўга — ён схаваўся пад доўгім шэрым плашчом. На нагах Госця з’явіліся чорныя чаравікі, а на твары — чорныя люстраныя акуляры. Валасы застылі ў рудаватым вожыку, і Марыя з радасным заміраннем сэрца пазнала ў Жаніху Арнольда Шварцэнэгера — ды гэта, як яна адразу ж зразумела, і не мог быць ніхто іншы.
Ён стаяў перад Марыяй і моўчкі пазіраў на яе квадратнымі чорнымі шкельцамі, на ягоных вуснах гуляла ледзь прыкметная ўсмешка. Марыя ўбачыла свій адбітак у ягоных акулярах і паправіла навушнікі.
— О дзева Марыя! — ціха сказаў Шварцэнэгер.
Ён прамовіў гэта без усялякага выразу, гулкім, але прыемным голасам.
— Не, мілы, — адказала Марыя, загадкава ўсміхаючыся і падымаючы складзеныя рукі да грудзей. — Проста Марыя.
— Проста Марыя, — паўтарыў Шварцэнэгер.
— Так, — сказала Марыя. — А ты Арнольд?
— Sure, — пацвердзіў Шварцэнэгер.
Марыя адкрыла рот, каб штосьці сказаць, але раптам высветлілася, што сказаць ёй зусім няма чаго. Шварцэнэгер усё гэтак жа моўчкі глядзеў на яе і ўсміхаўся. Марыя панурылася і пачырванела, і тады Шварцэнэгер ласкавым, але неадольна моцным рухам развярнуў яе і павёў побач з сабой. Марыя ўзняла на яго вочы і ўсміхнулася сваёй знакамітай дурнавата-загадкавай усмешкай. Шварцэнэгер паклаў ёй руку на плячо. Марыя крыху асела пад яе цяжарам, і адразу ж з памяці выплыла нечаканая карціна: Ленін, які нясе бервяно на суботніку. На выяве над плячом Леніна быў бачны толькі край бервяна, і Марыя падумала, што, магчыма, на самай справе гэта было не бервяно, а рука нейкай надзвычай магутнай істоты, на якую Ленін мог толькі скоса паглядваць з безабароннай усмешкай, як зараз яна на Шварцэнэгера. У наступны момант Марыя зразумела, што думае пра штосьці зусім недарэчнае, і выкінула ўсё гэта прэч з галавы.
Шварцэнэгер павярнуўся да яе тварам.
— У цябе вочы, — манатонна прагаварыў ён, — як з палатна Айвазоўскага.
Марыя ад нечаканасці здрыганулася. Такіх слоў яна не чакала, і Шварцэнэгер, напэўна, зразумеў гэта адразу. А далей адбылося штосьці дзіўнае (альбо, магчыма, не адбылося на самай справе, а толькі прымроілася Марыі): па цёмных акулярах Шварцэнэгера знутры замільгалі нейкія ледзь прыкметныя чырвоныя літары, як гэта бывае ў бягучым радку, і адначасова з гэтым штосьці ціха завішчала ў ягонай галаве, нібыта там уключыўся камп’ютарны хард-дыск. Марыя спалохана адхілілася, але адразу ж успомніла, што Шварцэнэгер, гэтак жа як і яна, — стварэнне ўмоўнае і вытканае з тысяч рускіх свядомасцяў, якія ў гэтую секунду ўяўляюць яго, а думкі з гэтай нагоды ў людзей маглі быць самыя розныя.
Шварцэнэгер узняў перад сабой свабодную руку і паварушыў у паветры пальцамі, шукаючы прыдатныя словы.
— Не, — прагаварыў ён нарэшце, — у цябе не вочы, а жамчужыны.
Марыя прытулілася да яго і даверліва паглядзела на свайго спадарожніка знізу ўверх. Шварцэнэгер уцягнуў падбародак у шыю, нібыта для таго, каб Марыя не змагла зазірнуць яму пад акуляры.
— Тут шмат дыму, — заўважыў ён. — Навошта мы ідзём па гэтай набярэжнай?
— Не ведаю, — адказала Марыя.
Шварцэнэгер развярнуўся і павёў яе прэч ад рашоткі прама скрозь дым. Праз некалькі крокаў Марыі стала страшна, таму што дымавая заслона зрабілася такой шчыльнай, што бачна ўжо нічога не было, нават Шварцэнэгера — разгледзець можна было толькі тую частку ягонай рукі, якая абдымала Марыю за плячо.
— Адкуль столькі дыму? — спыталася Марыя. — Здаецца, і не гарыць нічога.
— Сі-эн-эн, — растлумачыў Шварцэнэгер.
— Што, яны штосьці паляць?
— Не, — сказаў Шварцэнэгер. — Паказваюць.
Ага, зразумела Марыя, напэўна, усе тыя, хто думае пра яе і Шварцэнэгера, глядзяць зараз Сі-эн-эн, а ён паказвае нейкі дым. Але як ужо доўга, аднак.
— Нічога, — сказаў нябачны Шварцэнэгер. — Хутка скончыцца.
Але дым нікуды не знікаў, а яны адыходзілі ўсё далей і далей ад набярэжнай. Марыі раптам прыйшло ў галаву, што замест Шварцэнэгера побач з ёй ужо некалькі хвілін можа ісці хтосьці іншы — ну хаця б той, хто абдымаў Леніна на суботніку, і гэтая думка так напалохала Марыю, што яна машынальна паправіла навушнікі і ўключыла музыку. Музыка была дзіўнай і нейкай адрывістай — то пачыналі салодка спяваць пра каханне гітары і трубы, то раптам чулася працяглае электроннае выццё, вельмі падобнае да ваўчынага. Але ўсё ж гэта было лепей, чым слухаць толькі далёкія выбухі і невыразную мешаніну чалавечых галасоў.
Раптам з дыму прама на Марыю вылецела нейкая фігура і моцна штурханула яе ў грудзі. Марыя ўскрыкнула і ўбачыла перад сабой чалавека ў плямістым адзенні, з аўтаматам ў руцэ. Чалавек узняў вочы на Марыю, адкрыў быў рот, але тут Шварцэнэгер зняў сваю руку з яе пляча, узяў чалавека за галаву, адным дакладным рухам крутануў яе ўбок і адкінуў абмяклае цела кудысьці ў дым. Ягоная рука вярнулася на плячо спадарожніцы, і Марыя яшчэ мацней прыхілілася да літога торса Шварцэнэгера.
— Ах, мужчыны, мужчыны, — прашаптала яна какетліва.
Дым пачаў пакрысе развейвацца. Марыі зноўку стаў бачны твар Шварцэнэгера, а потым і ўсё ягонае вялізнае цела, схаванае, нібыта помнік перад адкрыццём, пад светла-шэрым покрывам плашча.
— Арнольд, а куды мы ідзём? — спыталася Марыя.
— Хіба ты не ведаеш? — сказаў Шварцэнэгер.
Марыя пачырванела і нізка апусціла галаву.
«Што гэта ўсё ж такое — алхімічны шлюб? — падумалася ёй. — І ці не будзе мне балюча? У сэнсе — потым. Бо ўжо колькі разоў здаралася».
Яна ўзняла позірк на Арнольда і ўбачыла на ягоных шчоках славутыя ямачкі — Шварцэнэгер усміхаўся. Марыя заплюшчыла вочы і, не верачы свайму шчасцю, пайшла туды, куды накіроўвала рука, што ляжала на яе плячы.
Калі Шварцэнэгер спыніўся, Марыя расплюшчыла вочы і ўбачыла, што дыму вакол амаль не засталося. Яны стаялі на незнаёмай вуліцы, між старых, абліцаваных гранітам будынкаў. Вуліца была пустэльнай, толькі здалёк, там, дзе за паласой дыму засталася набярэжная, бессэнсоўна мітусіліся, прыгнуўшыся, фігуркі з аўтаматамі. Шварцэнэгер неяк дзіўна таптаўся на месцы — Марыі здалося, што яго адольваюць сумненні незразумелай прыроды, і яна спалохана падумала, што гэтыя сумненні могуць датычацца яе.
«Трэба тэрмінова сказаць што-небудзь рамантычнае, — падумала яна. — А што, уласна кажучы, гаварыць? Ды не мае значэння».
— Ведаеш, Арнольд, — прамовіла Марыя, прыціскаючыся да Шварцэнэгера, — мне раптам... Я не ведаю, магчыма, гэта здасца табе не вельмі разумным... Але ж я магу быць з табой шчырай?
— Вядома ж, — сказаў Шварцэнэгер, паварочваючы ў яе бок чорныя шкельцы.
— Калі я побач з табой, мне так хочацца ўзляцець увышыню! Здаецца, што неба зусім блізка!
Шварцэнэгер узняў галаву і паглядзеў уверх.
Праміж палосамі дыму і сапраўдны бачна было ярка-блакітнае неба — не сказаць каб зусім побач, але і далёкім яго назваць таксама было нельга.
«Ах, — падумала Марыя, — ну што я вярзу!»
Але спыняцца ўжо было позна.
— А ты, Арнольд... ты жадаў бы ўзляцець увысь?
Шварцэнэгер секунду падумаў.
— Жадаў бы, — адказаў ён.
— А ты возьмеш мяне з сабой? Бо я ж... — Марыя сарамліва ўсміхнулася, — я ж такая зямная.
Шварцэнэгер падумаў яшчэ секунду.
— ОК, — сказаў ён. — Я вазьму цябе ўвысь.
Ён агледзеўся па баках, быццам спрабуючы знайсці вакол нейкія толькі яму вядомыя арыенціры, і, здаецца, адшукаў іх, таму што імгненна падхапіў Марыю пад руку і пацягнуў наперад. Яе ўразіў такі хуткі пераход ад паэтычнай абстракцыі да рашучых дзеянняў, але яна адразу ж падумала, што менавіта так і павінен паводзіць сябе сапраўдны мужчына.
Шварцэнэгер пацягнуў Марыю ўздоўж доўгага сталінскага дома. Праз некалькі крокаў яна прыстасавалася да яго імклівай хады і не адставала, трымаючыся за рукаў плашча свайго спадарожніка. Марыя адчувала, што дастаткова ёй хоць крышачку збавіць тэмп, як рука Шварцэнэгера з галантна прапанаванага ёй пункта апоры ператворыцца ў сталёвы рычаг, які без усялякага жалю пацягне яе па маставой, і гэтая думка чамусьці напоўніла Марыю бязмежным шчасцем, што ўзнікла ў самым нізе жывата і цёплымі хвалямі пачало расцякацца па целе.
Дайшоўшы да канца будынка, Шварцэнэгер павярнуў у падваротню, падобную ды трыумфальнай аркі. Калі яны апынуліся ў двары, Марыі здалося, што іх перанесла ў нейкі іншы горад. Тут панавала непарушная ранішняя цішыня, ніякага дыму вакол не было, і цяжка было нават паверыць, што дзесьці зусім побач мітусяцца заклапочаныя людзі з аўтаматамі.
Шварцэнэгер дакладна ведаў, куды ён вядзе Марыю. Яны абмінулі маленькую дзіцячую пляцоўку з арэлямі і нырнулі ў лабірынт вузкіх праходаў паміж іржавымі гаражамі. Марыя з салодкім жахам падумала, што дзесьці тут хутка ды крышачку няёмка і адбудзецца алхімічны шлюб, як раптам праход вывеў іх у пустую прастору, якую з усіх бакоў акружалі бляшаныя сцены рознага колеру і вышыні.
Зрэшты, прастора была не зусім пустой. Паўсюль, як і належыць, валяліся бутэлькі, пара старых пакрышак, крыху прымятая дзверка ад лады і вялікая колькасць рознага квазімеханічнага смецця, якое заўжды назапашваецца каля гаражоў.
Акрамя таго быў яшчэ самалёт.
Ён займаў сабой амаль усё свабоднае месца, але Марыя ўбачыла яго ў апошнюю чаргу — напэўна, таму, што яе мозг некалькі секунд адфільтроўваў сігналы, што паступалі з вачэй, як безумоўную галюцынацыю. Марыі зрабілася страшна.
«Адкуль тут узяцца самалёту? — падумалася ёй. — Хоць, з іншага боку, адкуль тут узяцца Шварцэнэгеру? Але ўсё роўна гэта даволі дзіўна».
— Што гэта? — спыталася Марыя.
— Знішчальнік вертыкальнага ўзлёту і пасадкі «Харыер», — сказаў Шварцэнэгер. — Мадэль А-4.
Марыя ўбачыла на ягоных шчоках славутыя ямачкі — Шварцэнэгер усміхаўся. Яна крыху насупіла свае густыя бровы, і страх у яе душы змяніўся рэўнасцю да гэтага вялізнага насякомага са шкла і металу, якое, відавочна, займала ў сэрцы Шварцэнэгера не менш месца, чым яна сама.
Шварцэнэгер пакрочыў да самалёта. Занятая сваімі думкамі, Марыя не адразу зрушылася з месца, і яе тарганула наперад так, быццам Шварцэнэгер быў трактарам, а яна — нейкім сельскагаспадарчым агрэгатам, які спешна да яго прычапілі.
— Але ж тут усяго адно месца, — сказала Марыя, заўважыўшы пад шкляным каўпаком кабіны спінку сядзення.
— Гэта не страшна, — сказаў Шварцэнэгер, падхапіў яе і адным лёгкім рухам пасадзіў на крыло.
Марыя падцягнула ногі і ўстала на крыху скошаную дзюралевую плоскасць. Падзьмуў вецер, яе адзенне затрымцела, і Марыя падумала, што ў яе заўсёды атрымоўваліся рамантычныя ролі.
— А ты? — спыталася яна.
Але Шварцэнэгер ужо быў у кабіне. Залез ён туды на дзіва хутка і спрытна, і Марыя падумала, што гэта, напэўна, мантаж альбо камбінаваныя здымкі. Высунуўшы галаву з кабіны, ён усміхнуўся і паказаў ёй колца, злучыўшы вялікі і ўказальныя пальцы; Марыя падумала, што можа лічыць яго заручальным пярсцёнкам.
— Сядай на фюзеляж, — сказаў Шварцэнэгер, — там, дзе заканчваюцца крылы. Не бойся. Уяві сабе, што гэта карусель. Уяві, што ты сядзіш на коніку.
— Ты што, збіраешся...
Шварцэнэгер кіўнуў.
Ягоныя чорныя акуляры глядзелі Марыі прама ў душу, і яна зразумела, што зараз, менавіта зараз, вырашаецца яе лёс. Гэта, безумоўна, быў экзамен. Жанчына, вартая таго, каб быць побач са Шварцэнэгерам, не магла аказацца баязлівай і пошлай істотай, якая можа спатрэбіцца толькі для млявых шматсерыйных інтрыг на сексуальна-побытавой глебе. Яна павінна была ўмець сустракаць тварам у твар смяротную небяспеку і не выдаваць сваіх пачуццяў нічым, акрамя ўсмешкі. Марыя паспрабавала ўсміхнуцца і адчула, што выходзіць не зусім натуральна.
— Выдатная думка! — сказала яна. — А я не замерзну?
— Мы ненадоўга, — сказаў Шварцэнэгер. — Сядай.
Марыя паціснула плячыма, зрабіла асцярожны крок да фюзеляжа, які рыбіным пазваночнікам выпіраў над плоскасцю крылаў, і акуратна прысела на яго.
— No, — сказаў Шварцэнэгер. — Амазонкай ты будзеш садзіцца тады, калі мы паедзем на маё ранча ў Каліфорніі. А зараз сядай нармальна. Здзьме.
Марыя секунду вагалася.
— Адвярніся, — сказала яна.
Шварцэнэгер усміхнуўся левым кутком вуснаў і адвярнуўся. Марыя перакінула нагу цераз дзюралевы хрыбет і асядлала фюзеляж. Метал пад ёй быў халодны і крыху вільготны ад расы. Марыя прыўзнялася, каб падаткнуць пад сябе куртку, і ёй раптам прымроілася, што самыя пяшчотныя часткі яе цела распласталіся на вуглаватых сцёгнах металічнага чалавека, які ляжыць на спіне, — ці то зваленага ветрам перамен Дзяржынскага, ці то нейкага пякельнага робата. Яна ўздрыгнула, але гэтая кароткая галюцынацыя адразу ж скончылася. На змену ёй прыйшло адчуванне, што Марыя сядзіць на патэльні, якую толькі што выцягнулі з халадзільніка. Тое, што адбывалася, падабалася Марыі ўсё менш і менш.
— Арнольд, — паклікала яна, — а ты ўпэўнены, што нам трэба гэта рабіць?
Гэтыя словы Марыя прыберагала для зусім іншых абставін, але зараз яны самі сарваліся з языка.
Шварцэнэгер нейкі час раздумваў.
— Ты ж жадала ўвысь, — сказаў ён. — Але калі табе страшна...
— Не, — перасіліўшы сябе, запярэчыла Марыя, — мне ні кропелькі не страшна. Проста я ствараю табе столькі залішніх клопатаў.
— Ніякіх клопатаў, — сказаў Шварцэнэгер. — Зараз будзе вельмі шумна, так што ты надзень свае навушнікі. Дарэчы, а што ты слухаеш?
— «Джыхад Крымсан», — сказала Марыя, папраўляючы на вушах маленькія ружовыя падушачкі.
Твар Шварцэнэгера нібыта скамянеў. Калі б не вецер, які варушыў ягоныя асветленыя перакісам валасы, Марыя вырашыла б, што хтосьці са здымачнай групы замяніў сапраўднага Шварцэнэгера манекенам.
— Што здарылася? — спалохана запыталася яна.
Шварцэнэгер нейкі час не варушыўся. На шкляной паверхні ягоных акуляраў задрыжэлі дзіўныя чырвоныя блікі. Марыя падумала, што гэта адлюстраванне апалай лістоты, якую ўздымае вецер за гаражамі.
— Арні, — паклікала яна.
Шварцэнэгер некалькі разоў таргануў кутком вуснаў, а затым да яго, здаецца, вярнулася магчымасць рухацца. Ён пакруціў галавой — далося яму гэта з некаторым намаганнем, быццам у падшыпнік, на якім паварочвалася галава Шварцэнэгера, патрапіў пясок.
— Крымсан Джыхад? — перапытаў ён
— «Джыхад Крымсан», — адказала Марыя. — Нусрат Фатэх Алі Хан з Робертам Фрыппам. А што?
— Так, — сказаў Шварцэнэгер, — дробязі.
Яго галава знікла ў кабіне. Унізе, дзесьці пад металічным чэравам самалёта, пачулася электрычнае гудзенне, якое за некалькі секунд перарасло ў жудаснае па сіле рыканне. Марыі здалося, што яна адчувае, як паралонавыя падушачкі ўціскаюцца ёй у вушы. Затым яе плаўна хіснула, і гаражы паплылі ўніз і назад.
Хістаючыся з боку ў бок, нібыта човен, «Харыер» узнімаўся вертыкальна ўверх. Марыя нават не ведала, што самалёты могуць так лётаць. Яна падумала, што, калі заплюшчыць вочы, будзе не так жудасна, але цікаўнасць перамагла жах, і меней чым праз хвіліну яна зноўку іх расплюшчыла.
Першае, што яна ўбачыла, расплюшчыўшы вочы, было акно, якое, здавалася, наязджала прама на яе. Яно было так блізка, што Марыя выразна бачыла на экране тэлевізара, што працаваў ў пакоі, танк, які паварочваў гармату ў яе бок. Затым ён стрэліў, і ў гэты ж самы момант самалёт моцна нахіліўся і паплыў прэч ад сцяны. Ледзьве не зъехаўшы на крыло, Марыя спалохана ўскрыкнула, але самалёт хутка выраўняўся.
— Трымайся за антэну! — крыкнуў Шварцэнэгер, высоўваючыся з кабіны і махаючы рукой.
Марыя перавяла погляд уніз. Прама перад ёй з фюзеляжа тырчаў прадаўгаваты металічны прадмет з круглым патаўшчэннем на канцы. Было незразумела, як яна не заўважыла гэты прадмет раней. Ён быў падобны да кароткага і вузкага вертыкальнага крыла і адразу ж выклікаў у Марыі бессаромныя асацыяцыі, хоць ягоны памер быў значна большым, чым сустракаецца ў рэальным жыцці. Ад аднаго погляду на гэты магутны выступ страх у яе душы змяніўся радасным захапленнем, якога ёй так не хапала з усімі гэтымі зморанымі Мігелямі, нямытымі Лёнямі і п’яненькімі Іванамі.
Тут усё было зусім інакш: круглае патаўшчэнне на канцы антэны было ўсеяна маленькімі дзірачкамі, што злёгку нагадвала кран у душы і адначасова прымушала думаць аб незямных формах жыцця і кахання. Марыя паказала на антэну пальцам і запытальна паглядзела на Шварцэнэгера. Той кіўнуў, шырока ўсміхнуўся, і на ягоных зубах заблішчэла сонца.
Марыі раптам прыйшло ў галаву: тое, што адбываецца з ёй зараз — здзяйсненне яе дзіцячвй мары. У нейкім фільме яна доўгімі часамі праседжвала над казкамі, разглядваючы малюнкі і ўяўляючы, як ляціць у небе на спіне дракона альбо вялізнай птушкі, і зараз гэта ў сапраўднасці з ёй адбывалася. «Магчыма, не зусім гэта, але, — падумала яна, паклаўшы далонь на сталёвы выступ антэны, — мары заўсёды збываюцца інакш за нашы чаканні».
Самалёт крыху нахіліўся, і Марыя заўважыла, што гэта адбылося ў яўнай сувязі з тым, што яна дакранулася да антэны. Прычым рух самалёта здаўся ёй нейкім на дзіва адушаўлённым — нібыта антэна была самай чуллівай ягонай часткай. Марыя правяла па сталёвым стрыжні рукой і сціснула ягоную верхнюю частку ў кулаку. «Харыер» нервова хіснуў крыламі і ўзняўся яшчэ на некалькі метраў. Марыя падумала, што самалёт паводзіць сябе зусім як мужчына, якога прывязалі да ложка, таму ён не мае магчымасці заключыць яе ў абдоймы і ў стане толькі торгацца ўсім целам. Падабенства ўзмацнялася тым, што Марыя сядзела якраз за крыламі, якія нагадвалі раскінутыя ў бакі ногі, неверагодна мускулістыя, але не здольныя паварушыцца.
Гэта было забаўна, але ўсё ж занадта мудрагеліста — Марыя аддала б перавагу самай звычайнай раскладушцы замест гэтай агромністай сталёвай птушкі ў пустой прасторы паміж гаражамі. Толькі вось са Шварцэнэгерам, падумалася ёй, і не магло быць інакш. Яна паглядзела на кабіну — там амаль нічога не было відаць, бо на шкле адбівалася сонца. Здаецца, Шварцэнэгер сядзеў у сваім крэсле і крыху паварочваў галаву то ў адзін, то ў другі бок у такт рухам Марыінай рукі.
«А вось у гэтага робата ў кіно, — падумала Марыя, паклаўшы на антэну другую руку, — што быў зроблены з металу і мог як заўгодна змяняць сваю форму, які ў яго, цікава, быў? Напэўна, які заўгодна?»
Самалёт між тым узнімаўся ўсё вышэй. Дахі дамоў засталіся далёка знізу, і перад Марыяй адкрылася велічная панарама Масквы.
Паўсюдна блішчэлі царкоўныя купалы, і горад праз гэта здаваўся вялізнай скураной курткай, якая была густа ўсыпана бліскучымі бессэнсоўнымі заклёпкамі. Дыму над Масквой было куды менш, чым Марыі здавалася, пакуль яна ішла па набярэжнай. Месцамі ён і сапраўды ўздымаўся над дамамі, але не заўсёды было зразумела, што гэта — пажар, выкіды заводскіх труб альбо проста нізкія воблачкі.
Нягледзячы на поўную агіднасць кожнай з асобых частак, агульны выгляд горада быў надзвычай прыгожым, але крыніца гэтай прыгажосці была незразумелая. «З Расіяй заўжды так, — падумала Марыя, праводзячы рукамі па халоднай сталі, — любуешся і плачаш, а прыгледзішся да таго, чым любуешся, дык і званітаваць можа».
Раптам самалёт уздрыгнуў пад Марыяй, і яна адчула, што верхняя частка стрыжня неяк дзіўна боўтаецца ў яе далоні. Марыя адхапіла рукі, і адразу ж металічная булдавешка з дзірачкамі адвалілася ад антэны, ударылася аб фюзеляж і паляцела ўніз, а ад былой магутнасці засталася толькі кароткая трубка з разьбой на канцы, з якой тырчалі два перакручаныя абарваныя правадочкі, сіні і чырвоны.
Марыя перавяла погляд на кабіну. За шклом была відаць нерухомая бялявая патыліца Шварцэнэгера. Спачатку Марыя падумала, што ён нічога не заўважыў. Затым ёй прыйшло ў галаву, што ён страціў прытомнасць. Марыя разгублена паглядзела па баках, заўважыла, што нос самалёта павольна і неяк няўпэўнена паварочваецца, і яе здагадка імгненна перарасла ва упэўненасць. Амаль не разумеючы, што яна робіць, Марыя перавалілася з фюзеляжа на плоскую пляцоўку паміж крыламі (пры гэтым абрубак антэны падраў яе куртку) і папаўзла да кабіны.
Ліхтар быў адчынены. Лежачы на крыле, Марыя прыўзнялася і закрычала:
— Арні! Арні!
Але адказу не было. Яна з асцярогай ўстала на карачкі і ўбачыла патыліцу Шварцэнэгера з пасмачкай валасоў, якая дражала на ветры.
— Арні! — яшчэ раз паклікала Марыя.
Шварцэнэгер павярнуў да яе галаву.
— Дзякуй богу! — вырвалася ў Марыі.
Шварцэнэгер зняў акуляры.
Ягонае левае вока было ледзьве прыжмураным і выказвала надзвычай ясную і адначасова невымерна складаную гаму пачуццяў, сярод якіх былі змяшаныя ў строгай прапорцыі жыццялюбства, сіла, здаровая любоў да дзяцей, маральная падтрымка амерыканскага аўтамабілебудавання ў ягоным нялёгкім супрацьстаянні з Японіяй, прызнанне правоў сексуальных меншасцяў, лёгкая іронія наконт фемінізму і спакойнае асэнсаванне таго, што дэмакратыя і іудэа-хрысціянскія каштоўнасці ў рэшце рэшт абавязкова перамогуць усё зло ў гэтым свеце.
Але правае яго вока было зусім іншым. Гэта нават складана было назваць вокам. З разварочанай вачніцы з засохлымі падцёкамі крыві на Марыю глядзела падобная да вялікага бяльма круглая шкляная лінза ў складаным металічным трымальніку, да якога з-пад скуры ішлі тонкія правадкі. З самага цэнтра гэтай лінзы біў прамень асляпляльнага чырвонага святла — Марыя заўважыла гэта, калі прамень патрапіў ёй у вочы.
Шварцэнэгер усміхнуўся. Пры гэтым левая частка ягонага твару адлюстравала тое, что і належала адлюстроўваць твару Шварцэнэгера пры ўсмешцы — штосьці няўлоўна-хітраватае і як бы хлапчуковае, такое, што адразу было зразумела: нічога кепскага гэты чалавек ніколі не зробіць, а калі і заб’е некалькі мудакоў, дык толькі пасля таго, як камера некалькі разоў і пад рознымі ракурсамі пераканаўча зафіксуе іх бязмежную нізасць. Але ўсмешка закранула толькі левую частку ягонага твару, правая ж засталася зусім нязменнай — халоднай, уважлівай і страшнай.
— Арнольд, — разгублена прагаварыла Марыя, узнімаючыся на ногі, — Арнольд, навошта ты? Хопіць!
Але Шварцэнэгер не адказаў. А ў наступны момант самалёт рэзка нахіліўся, і Марыя пакацілася ўніз па ягоным крыле. Пры гэтым яна некалькі разоў ударылася тварам аб нейкія выступы, а потым з-пад яе знікла ўсялякая апора. Марыя вырашыла, што падае ўніз, і зажмурыла вочы, каб не бачыць дрэў і дахаў, якія ляцелі знізу на яе. Але прайшло некалькі секунд, і нічога не здарылася. Марыя заўважыла, што рухавік па-ранейшаму раве зусім побач, і расплюшчыла вочы.
Высветлілася, што яна вісіць пад крылом — капюшон яе курткі зачапіўся за нейкі апераны выступ, у якім Марыя з цяжкасцю пазнала ракету. Сваёй пашыранай галаўной часткай яна крыху нагадвала антэну, з якой Марыя мела справу некалькі хвілін таму. Убачыўшы гэта, яна вырашыла, што Шварцэнэгер проста працягвае свае любоўныя гульні. Але гэта было ўжо занадта — у Марыі на твары напэўна з’явілася некалькі сінякоў, а з разбітых вуснаў у рот сцякала кроў.
— Арнольд! — закрычала яна, махаючы рукамі, каб развярнуцца тварам да кабіны. — Хопіць! Я так не жадаю! Чуеш? Я так не жадаю!
Нарэшце ёй удалося ўбачыць кабіну і Шварцэнэгера, які ўсміхаўся.
— Я не жадаю так, чуеш? Так, як ты хочаш, мне балюча!
— No? — перапытаў ён.
— Не! Не!
— ОК, — сказаў Шварцэнэгер. — You are fired.
У наступны момант ягоны твар ірвануўся назад, і непераадольная сіла панесла Марыю прэч ад самалёта, які за некалькі секунд ператварвыўся ў маленькую сярэбраную птушачку, злучаную з ёй доўгім шлейфам дыму. Марыя паглядзела наперад і ўбачыла шпіль Астанкінскай тэлевежы, які імкліва на яе наплываў. Патаўшчэнне на сярэдняй частцы вежы хутка павялічвалася ў памерах, і за імгненне да ўдару Марыя выразна ўбачыла нейкіх людзей у белых кашулях і гальштуках, якія сядзелі за сталом і здзіўлена пазіралі на яе праз тоўстае шкло.