Ажыўленне бубна

Рускай гарэлкай апырскай
     свой бубен, шаман сібірскі.
Ажыве скура бубна,
     вобад ягоны таксама.
Зазвініць, заспявае вобад
     успомніць, як дрэвам ахвярным
Ён рос у тайзе ў чаканні,
     калі ж па загадзе багоў
Яго людзі ссякуць.

Рускай гарэлкай апырскай,
     наталі скуру бубна, шаман,
Заспявае яна захмялелая,
     успомніць, як гнеўнай аленіхай
У рулю смерці глядзела,
     не ведала, што застанецца жыць
У гуках бубна шаманскага,
у песні сваёй пасмяротнай.